Клапан у космас


Cлухай… Ты ведаеш, ёсць якая-небудзь мяжа паміж небам і космасам? У сэнсе, месца, дзе адно пераходзіць у другое? Напрыклад, спачатку астранаўты падымаюцца на ракеце і бачаць у ілюмінатары нябёсную сінь. Потым — чарнату з зорамі. Дык вось, гэтая перамена адбываецца рэзка? Гэтак схлопваецца блакіт і развярзаецца прорва? Ці атмасфера паступова абясцвечваецца, зацямняецца, як экран на апошніх секундах фільма, перад тытрамі?

У дзяцінстве ў мяне было пэўнае меркаванне на гэты конт. У небе мусіў адкрывацца клапан, праз які ракета і ўлятала ў космас. Думка пра гэтую браму-клапан павяргала мяне ў нейкае… страхавітае здранцвенне. Яна валодала вялікай прыцягальнасцю. Я замірала, уяўляючы сябе на мяжы паміж блакітным і чорным, у кроку над безданню. Магчыма, у гэтым было нават штосьці эратычнае. Не смейся.

Я і зараз бачу, як адгінаюцца жоўтыя, бліскучыя, вострыя створкі клапана, адчуваю сіверны подых з чорнай глыбіні. Толькі цяпер разумею — там не хапала адзінокай зорачкі. Чамусьці я ўяўляла космас без зораў. Памятаеш тую ноч у Італіі, на горнай тэрасе? Цэлыя сузор’і агнёў на зямлі, а неба чорнае.

Ты пытаеш, а што, калі не адкрыецца? Клапан не адкрыецца? Не, не. Такога не бывае. Ён заўсёды адкрываецца. Гэта як у сэрцы: кроў падыходзіць да перадсэрдзя, мітральны клапан упускае яе, адразу ж затым замыкаецца. Неўсвядомлены працэс. Мы не кантралюем.

Хочаш яшчэ віна? А я сабе, бадай што, налью. Карацей, клапаны ў космас адкрываюцца самі, без нашага ўдзелу. І з іх планета выпіхвае людзей, як кроў з сэрца. Па сабе ведаю! Там самотна і сцюдзена. І вусцішна. А потым назад назад засмоктвае. Смяешся… А я вось перакананая, што сусветам кіруе чыстая фізіялогія. Ладна, праехалі. І ўсё ж, страх цікава, што бачаць у сваіх акенцах астранаўты — на мяжы паміж небам і космасам. Вось каб даведацца…