Еці-еці!.. Дзе мне вас падзеці?

ліст у Беларускую акадэмію навук 


Паважанае спадарства! Я ўжо другі тыдзень падарожнічаю па Непале ў складзе экспедыцыі Беларускай акадэміі навук, і ўвесь гэты час з’яўляюся сведкам цікавай прыроднай з’явы. Штоноч на схілах Анапурны паказваюцца дзіўныя жывёлы, падобныя на мядзведзяў, але з сабачымі хвастамі і чалавечымі тварамі. Яны бяруць сукаватую палку, запрагаюцца ў аброць і вядуць па горнай строме начное ворыва. Нязграбна шкрабуць скалу, сям-там кідаюць дробныя каменьчыкі — насенне. Не займеўшы плёну, гучна рыкаюць і кідаюць вобзем рала. Потым збіраюцца ў купкі і абрываюць з дрэваў чырвоныя ягады горнай рабіны, расціскаюць іх на камені разам з лістамі і галінамі, збіраюць у місу, ставяць пад месячнае святло (каб стоўчанае рабілася віном?), а праз колькі хвілін, згубіўшы цікавасць, назаўсёды забываюцца на яго. Потым адзін са звяроў заводзіць выццё, а іншыя з паважным выглядам ідуць у скокі, штохвілінна піхаючы адзін аднаго і наступаючы сабе на ногі. Стомленыя, на світанні яны запаўзаюць у пячоры.

Гледзячы па ўсім, гэтым самавітым жывёлам (назавём іх “еці” — на тутэйшай гаворцы, скарочанае ад “гэтыя”) уласціва арганічная няздольнасць даводзіць пачатае да канца. Магчыма, у бліжэйшай будучыні ім пагражае поўнае выміранне, калі не будуць прынятыя радыкальныя меры. Звяртаю ўвагу Беларускай акадэміі навук на ўразлівы стан гэтых рэдкіх, прыгожых звяроў і неабходнасць іх аховы.

з павагай, Апанас Дзятловіч

Непал, 1931