Калі рана прачынаешся

Alia
Alia and house in the countryside
4 min readAug 6, 2017

Калі чакаеш выходных з адной толькі думкай: “Як жа хочацца выспацца!”, а потым здараецца так, что спіш яшчэ менш гадзін, чым у астатнія дні, раніца ўсё ж такі можа быць цудоўнай. Калі ты ў #домік_у_вёсцы, канешне. (І калі ты такі ж яго фанат, як і я.)

У вёсцы мне заўсёды шкада марнаваць час. Асабліва раніцай. Асабліва калі ў цябе толькі адна такая раніца на тыдзень.

Толькі расістай раніцай у траве можна знайсці невялічкае павуцінне — днём яго не заўважыць.

карункі ж!

У нядзелю я прачнулася а сёмай, з’ела сняданне і вырашыла паехаць да возера на ровары праз бліжэйшыя вёскі. Я рабіла так у мінулым годзе, першага ліпеня, тады яшчэ была бузіна і я знайшла цудоўны жоўты домік. 23 ліпеня надзеі падсілкавацца бузіной ужо не было, але гэта не магло сапсаваць мой настрой.

Ехаць сонечнай раніцай па пустых дарогах — Д З І В О С Н А.

Далёка-далёка на лузе пасуцца кааа… (злева)

Праязджала праз вёску, падняла галаву і ўбачыла гняздо з бусламі — завісла хвілін на дзесяць! Буслы вельмі смешна сустракаюць новы дзень: чысцяць пёры, выцягваюць даўгія ногі, размінаюць крылы. Дзіўна толькі, что яны робяць гэта так позна — час набліжаўся да дзевяці гадзін!

Яшчэ трошкі ранішняй магіі

Возера ляжыць каля сасновага леса і зараснікаў бузіны. Бузіна, на шчасце, яшчэ была — дзякуй халоднаму лету! — да таго ж, яна была вельмі спелай і салодкай — С М А К А Т А.

Сасновыя лясы — мая (не вельмі патаемная) закаханасць. Ствалы высокіх стройных дрэў ствараюць прыгожы арнамент, цёплы летам і снежна-белы ўзімку (калі-небудзь я дапаўзу да сваіх запасаў з зімовымі ляснымі фотаздымкамі). Імшыстыя падушкі купаюцца ў сонечных прамянях, вакол спяваюць птушкі.

Некалькі дзён таму пачала чытаць новую кнігу, а там амаль што на другой старонцы былі наступныя радкі:

Лес быў сасновы і рэдкі, ногі слізгалі па апалай ігліцы. Касыя сонечныя прамяні падалі паміж прамых ствалоў, і зямля была ўся ў залатых плямах. Пахла смалой, возерам і суніцай; дзесьці ў небе верашчалі нябачныя маленькія птушкі.

На духмяным лузе каля возера можна знайсці розныя палявыя кветкі:

мне з дзяцінства падабаюцца гэтыя белыя кветкі, яны такія далікатныя*_*

Вярталася дадому я іншай дарогай, праз лес, і знайшла паляну вялізных рамонкаў! Каля нашага поля рамонкаў такіх памераў няма. Зрабіўшы 89 фотаздымкаў кветак, я вырашыла сабраць букет — не кожны дзень ты можаш вярнуцца дадому з бярэмем палявых кветак *эээх*

рамонкі

Выбачайце, калі ласка, але так проста ўзяць і выдаліць іх я не здолела.

вельмі ж яны мне падабаюцца
Да, гэта былі дзевяць фота рамонкаў, вы не памыляецеся
Стаміўся, бедненькі, ад спёкі, пакуль я прывезла яго дадому

Збіраць кветкі — не самая вясёлая справа ў свеце (да таго ж, мошкі і камары не даюць засяродзіцца), таму і букет не надта вялікім атрымаўся, але ж прыгажосць!

Найцудоўнейшае ў ранішніх прагулках — той факт, што яшчэ толькі 11 раніцы і ў цябе наперадзе яшчэ цэлы дзень — дзень, палову якога ты можаш правесці ў #домік_у_вёсцы. ❤

p.s. Гэтым летам хачу яшчэ пабачыць усход сонца, але калі пачынаю думаць аб тым, што трэба прачнуцца а чацвёртай ці зусім не спаць…

p.p.s. За дзень да таго, як быў апублікаваны гэты пост, я прачнулася ў 4.30, а перад гэтым амаль што не спала, так што магчыма ўсё!

--

--