Трасянка — “восьмае мастацтва вызваленае”

Kseniya Trush
Mart.Kontakt
Published in
6 min readMar 21, 2019

Інтэрв’ю з перакладчыцай “Рэвізора” Марыяй Пушкінай

Марыя Пушкіна — рэдактар літаратурна-драматургічнай часткі Купалаўскага тэатра — пераклала на трасянку “Рэвізора” М.В.Гогаля. Яна падзялілася сваімі думкамі пра тое, як працягнуць дзяцінства, чаму трэба адаптаваць класіку на мову свайго часу і што значыць моўны “інцэст” для беларусаў.

Марыя Пушкіна — літаратуразнаўца, перакладчыца, рэдактар літаратурна-драматургічнай часткі Купалаўскага тэатра

У пошуках паддашку

Марыя, я ведаю, што пасля сканчэння ўніверсітэту ты (цытую) «паехала пакараць Польшчу». Што накіравала цябе на гэтую двугадовую вандроўку і чаму?

“Паехала пакараць” — гэта даволі гучнае слова, я настолькі пафаснымі фармулёўкамі не валодаю, чэсна. Мая спецыяльнасць у Беларускім дзяржаўным універсітэце была “Славянская (польская і беларуская) філалогія”, таму пасля заканчэння магістратуры ў Мінску мне вельмі хацелася паглыбіць свае веды. Зведаць усё знутры. Акрамя таго, гэта адпавядае канцэпцыі класічнай падарожнай адукацыі, я напраўду раю такі падыход: дзённае стыпендыяльнае навучанне — найлепшы спосаб працягнуць дзяцінства. Пад дзяцінствам я маю на ўвазе той стан чалавека, калі яму цікавы гэты свет. І “скарэнне”, адпаведна, самога сябе. Або лесвіц на працоўным месцы. Літчастка ў Купалаўскім на шостым паверсе — я скараю яе штодня.

Па-першае, ты падарожнічаеш аўтаспынам, а па-другое, падчас вандровак носіш ў заплечніку эсэістыку польскага пісьменніка Анджэя Стасюка. Дзе ўжо вандравала? І чаму Стасюк, а не, напрыклад, Кандрат Крапіва?

Аўтаспынам я ездзіла тады, калі перакладала Стасюка і вазіла яго з сабой. Шэсць гадоў таму гэта было. Цяпер мне вельмі падабаецца працаваць (перакладаць) у цягніках. Але медытатыўны настрой Анджэя Стасюка захаваўся, яго кніжка “На шляху ў Бабадаг” — гэта гімн працэсуальнасці жыцця і ўменню атрымліваць асалоду ад моманту, бо мы тут усе так каротка, што вынікаў можам і не прычакаць. У тытульны Бабадаг лірычны герой трапляе два разы ў жыцці на дзесяць хвілін. На мінулым тыдні мы з сяброўкай загарэліся ідэяй убачыць вусце Буга (гэтая рака-“бог” дзеліць Польшчу і Беларусь, дзве найбольш істотныя краіны яшчэ для студэнтаў маёй універсітэцкай спецыяльнасці). І мы ўбачылі: 20 хвілін у сакавіцкую завіруху, залеву, пранізлівы холад, нечаканае сонца, званы далёкага касцёла.

Зараз ты рэдактар літаратурна-драматургічнай часткі. А як выпускніца філалагічнага факультэта трапіла ў Купалаўскі?

Вялікі дзякуй загадчыцы літаратурна-драматургічнай часткі Вользе Бабковай. Так супала, што літчастка шукала рэдактара на паддашак, а я шукала паддашак.

Ты валодаеш беларускай, чэшскай, польскай, украінскай і англійскай мовамі. І падалася з такімі дадзенымі ў тэатр. Што прывабіла?

Гэта ж Купалаўскі тэатр! Месца, якое акумулявала тэатральную энергію Беларусі з 1920-х. Я выдатна разумела, што майго багажу малавата, але вось ужо пяць гадоў удзячная за магчымасць расці і цягнуцца.

Марыя Пушкіна. На рэпетыцыі “Рэвізора”. Фатограф Максім Карасцялёў

“Трасянка — наша балючая кропка”

Марыя, ты пераклала гогалеўскага “Рэвізора” адмыслова для пінігінскай пастаноўкі. Наколькі я разумею, трасянка — гэта рэжысёрская прапанова? Але чаму менавіта гэты моўны прадукт лёг у аснову, а не чыстакроўная беларуская мова?

Магчыма, сакрэт рэжысёрскай задумы ў тым, што класіка завецца класікай, бо яе лёгка дастаць з рукава ў любы момант, і яна будзе актуальнай і адпаведнай моманту. Усе найважнейшыя тэксты чалавецтва кожнае пакаленне перакладае адпаведна мове свайго часу. Вось у польскім перакладным корпусе ёсць каля 20 перакладаў “Гамлета”, і часам можна нават пачуць галасы спачування — англічанам не дадзеная такая раскоша “тэкставай інтэрпрэтацыі”. “Рэвізор” як камедыя быў неверагодна востры ў часы напісання і прэм’еры, і вострасць — гэта тое, я лічу, што ў першую чаргу заслугоўвае адпаведнага функцыянальнага перакладу. Было востра тады — павінна быць востра цяпер. Здорава, што рэжысёр Мікалай Пінігін гэта адчувае.

І ўсё ж для чысцюткай беларускай у спектаклі месца пакінулі — на ёй размаўляе толькі сталічны госць Хлестакоў. А калі лічыць, што трасянка — гэта форма мовы малаадукаваных людзей, то рэжысёр зрабіў ход канём: і праблему чыноўнікаў захаваў, і лінгвістычную, нацыянальную праблему беларускага насельніцтва узняў. І ўсё закошт трасянкі! Ці можна пагадзіцца з тым, што “трасянка — показатель низкого культурного уровня страны”? («Аргументы и факты в Беларуси». 1997, № 38)

Я так не лічу. Трасянка для мяне — гэта трагічны разрыў паміж культурным бэкграўндам, каранямі чалавека і тым, што яму штучна прапанавалі лічыць элітным, першакласным. Такая нявыкрутка.

Што было самым складаным пры перакладзе, а што далося лягчэй за ўсё?

Тэксту было шмат, таму часам матэрыял паглынаў сам сябе, і падавалася, што гэта зусім не смешна. Наогул не смешна. Аніяк! Але акцёрскае выкананне дапамагло. Купалаўскія артысты — неверагодныя. Найлепш далася першая рэпліка (словы Гарадавога: «Я пригласил вас, господа, с тем чтобы сообщить вам пренеприятное известие: к нам едет ревизор»), бо гэта соль, пралог, настрой.

Як глядач, чаго чакала ад “Рэвізора”?

Дзякуй Богу, парыкоў і царскіх мундзіраў не чакалі. Леапардавых сукенак не чакалі, гэта добра. Але часам крыўдна, бо кажуць, маўляў, праз трасянку купалаўцы забыліся беларускую, як так. Быццам жарт вісне ў паветры і так здзімаецца правіслым балонікам…

Ты таксама пераклала вампілаўскаю п’есу «Утиная охота» да пастаноўкі Стаса Жыркова “Паляванне на сябе”. Ці слушна сказаць: «шматмоўе» персанажаў, закладзенае ў пінігінскім «Рэвізоры», паступова ўваходзіць у моду сучасных тэатраў, а трасянка — асобны, самастойны элемент спектакля?

Стас Жыркоў, тагачасны дырэктар і мастацкі кіраўнік кіеўскага тэатра “Залатыя вароты” (а цяперашні кіраўнік Кіеўскага акадэмічнага тэатра драмы і камедыі на левым беразе Дняпра), з трасянкай (“суржыкам”) працуе вельмі даўно. Для Кіева і Украіны гэта натуральны элемент жыцця. Мне страшэнна падабаецца, што тэатр Стаса Жыркова — гэта пра досвед гледачоў (а не пра тое, як ім паказаць духоўную духоўнасць). Спектакль “Паляванне на сябе” спрабуе выцягнуць такі досвед з беларусаў, карыстаючыся і нашым моўным багажом таксама. А трасянка — наша балючая кропка. Магчыма, названыя спектаклі прагучалі найбольш адчувальна ў беларускім рэпертуарным тэатры, але здорава, што да “мовы цяперака больш пільна прыглядаюцца”?. Філолагі часам кажуць, што непрамоўленае не існуе.

Марыя Пушкіна. Фатограф Кацярына Арціменя

“Лупіце на трасянцы!”

Якая літаратура на трасянцы табе імпануе? Якія аўтары ўразілі?

Саша і Сірожа, якія запачаткавалі феномен трасянкі ў культурнай прасторы. А потым — Сірошка Пістончык і Уласік Смаркач і іх “Ёпыты двух маладых нелюдзяў” і ўжо непасрэдна Пістончыкаў “Дэгенератыўны слоўнік”. Здаецца, Пістончык падышоў да з’явы найбольш комплексна. Лічу, што яго апавяданне “Васільеўна” годна ўмацоўвае прэс.

А на твой погляд, трасянка — гэта беларускае нацыянальнае аднаўленне ці выраджэнне?

Гэта нармальная сфера існавання нашай мовы пасля ўсіх гістарычных падзей. Трасянку цікава вывучаць, і яна можа быць адпаведным ключыкам да нашай ідэнтычнасці.

Ці можа быць трасянка дапаможнай прыступкай для рускамоўнага чалавека, які марыць авалодаць беларускай?

Безумоўна. Як казаў старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў: “Лупіце на трасянцы!” Галоўнае ў вывучэнні моваў — не баяцца і шпарыць. З мастацкага гледжання, аднак, я б назвала сучасную трасянку — “восьмым мастацтвам вызваленым”, бо мы паціху адышлі даволі далёка ад рэгіянальных асаблівасцей і цяпер ствараем гэтую тканку ўмоўна. А фанетыку, арфаэпію і правапіс варта вучыць.

Дамінуючай мовай у Беларусі па-ранейшаму застаецца руская. Але сярод моладзі зрабілася модным пераробліваць рускую мову на вясковы лад. Безумоўна, тут ёсць элемент сцёбу. Але, можа, гэта прыступка для беларусаў, яшчэ адна спроба самаідэнтыфікацыі?

Кпіць з чалавека, маючы на ўвазе ніжэйшасць “вясковага ладу” ў параўнанні з нейкім там дамінуючым асяроддзем мне падаецца заняткам брыдкім. Пагатоў не варта так рабіць для самаідэнтыфікацыі. Праблема не ў супрацьпастаўленні “цэнтр-перыферыя”, а ў галовах, жаданні разам будаваць харошае і добрае. Давайця ж разам дзелаць харошае! Разам мы справімся!

На рэпетыцыі “Рэвізора”. Фатограф Максім Карасцялёў

Гутарку вяла Дзіяна Вопсева

Марыя Пушкіна — літаратуразнаўца, перакладчыца. Скончыла Ліцэй Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Выпускніца славянскага (польскага) аддзялення філалагічнага факультэта БДУ. Працуе рэдактарам літаратурна-драматургічнай часткі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы ў Мінску. Пераклала на беларускую раман Чэслава Мілаша «Даліна Ісы», нон-фікшн Шэйнарта Малгажата «Насыпаць горы», урыўкі з твору Ёзэфа Чапэка «Пра сабачку і котачку», адозву Яна Леханя «Пад Пікадорам». Зрабіла пераклад п’есы Аляксандра Вампілава «Утиная охота» да пастаноўкі Стаса Жыркова «Паляванне на сябе». Адмыслова пераклала камедыю Мікалая Гогаля «Ревизор» да пастаноўкі Мікалая Пінігіна.

--

--